Новости проекта
Перенос и удаление уроков
Внесение изменений в личные данные
Schools.by приносит свои извинения за возникшие технические неполадки.
Голосование
Какой язык обучения выбираете?
Всего 20 человек
Голосование
Как Вам новый сайт?
Всего 112 человек

Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь

Дата: 5 декабря 2017 в 22:32, Обновлено 26 февраля 2018 в 15:23

ГЕРБ, СЦЯГ І ГІМН – СВЯШЧЭННЫЯ АТРЫБУТЫ ДЗЯРЖАВЫ

Мы – беларусы, наша краіна – Беларусь!

       Народаў і краін у свеце шмат. Кожная краіна, кожны народ адрозніваюцца ад іншых: моваю, звычаямі, вопраткай, выглядам. Кожны народ і краіна маюць таксама свае адметныя знакі – гэта ГЕРБ, СЦЯГ і ГІМН.
Герб і сцяг лічыліся і лічацца ва ўсіх краінах вышэйшымі сімваламі народа. Яны ўвасабляюць для кожнага чалавека, для кожнага грамадзяніна Радзіму. Для кожнай краіны герб і сцяг сімвалізуюць незалежнасць, суверэнітэт дзяржавы.

  Дзяржаўны    сцяг адлюстроўвае   істотна важныя звесткі пра нашу краіну.   Кожны грамадзянін павінен добра   разумець мову беларускага сцяга, каб     асэнсавана шанаваць сцяг і ганарыцца ім,   як ганарацца сваім народам і яго слаўнай   гісторыяй.Наш сцяг мае тры колеры: чырвоны, зялёны і белы.Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя сувязі, братэрства, барацьбу за справядлівую справу. Ён азначае высокае прызначэнне ў лёсе і перамогу. Адначасова гэта знак шчаслівага жыцця.
Зялёны колер – колер дабра – гэта перш за ўсё колер свабоды. Недарэмна лічаць, што назва нашай краіны – Беларусь – звязана з непахіснай воляй да свабоды.

      Разам з тым белы колер – гэта колер маральнай чысціні і мудрасці. І гэтыя якасці павінен свята захоўваць у сваёй душы сапраўдны сын беларускай зямлі.

      Сцяг Беларусі мае яшчэ адну важную характэрную дэталь – гэта чырвоны народны ўзор, ці інакш кажучы, арнамент. Арнамент – сімвалічны малюнак, графічны спосаб заклінання вышэйшых боскіх сіл. Праз узоры, ці арнамент, людзі выказвалі розныя пажаданні і запаветы яшчэ ў тыя часы, калі не існавала пісьменства.

      Са шматлікіх варыянтаў беларускага народнага арнаменту на Дзяржаўным Сцягу Рэспублікі Беларусь адлюстравана частка найбольш старажытнага і тыповага арнаменту. Работа была выканана ў 1917 г. і належыць простай сялянцы Матроне Маркевіч з вёскі Касцелішча Сенненскага павета. Што азначае гэты арнамент? Што ён сімвалізуе? Перш за ўсё – працалюбства і працоўнае майстэрства як перадумову кожнага шчаслівага лёсу. Інакш кажучы, выражае самыя істотныя якасці, пазбавіўшыся якіх, народ, і асобны чалавек губляюць права на дастойнае існаванне.

      У цэнтры арнамента ромб з тоўстымі “кручкамі”, ці “рагамі”, ці “вёсламі”, якія азначаюць вечнасць і рух. А сам ромб – гэта старадаўняя выява багіні Зямлі і Урадлівасці. Разам з тым, ромб - гэта сімвал засеянага поля. Ён акружаны знакамі, якія заклінаюць аб ураджаі, удачы і здзяйсненні праведных, добрых жаданняў.
Больш дробныя ромбы – гэта таксама заклінанні, “хлябы” – гэта значыць ежа, якую трэба разумець як ежу для духа і ежу для цела.

      Такім чынам, Сцяг і Герб Рэспублікі Беларусь адлюстроўваюць развіццё беларускага народа як часткі славянскай галіны індаеўрапейцаў ад самых старажытных часоў і да нашых дзён.

Герб Беларусі вельмі багаты па колькасці закладзеных у ім элементаў. Першае, на што зверне ўвагу кожны – гэта зялёны контур тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, як яна адлюстравана на геаграфічнай карце. Зялёны контур – у залатых промнях узыходзячага сонца. Гэта сімволіка зразумела кожнаму, усе свае думкі грамадзяне скіроўваюць да Айчыны: гэта наша зямля, нам чужой не трэба, але сваёй мы не аддадзім ні пядзі! Мы захаваем яе ў тых межах, у якіх яна нам перададзена папярэднім пакаленнем.

      Контур краіны знаходзіцца ў сярэдзіне герба, утворанага вянком з каласоў, пераплеценых з аднаго боку ружовымі кветкамі канюшыны, з другога – блакітнымі кветкамі ільну. Гэтыя сімвалы ўжо больш складаныя, іх мова патрабуе для разумення пэўных ведаў.

      Вянок (з ружаў, пальмавых лісцяў, лаўра і г.д.) спрадвеку выкарыстоўваўся народамі як узнагарода пераможцу і ўвасабляў перамогу. Разам з тым гэта сімвал памяці і непарыўнай сувязі сучаснікаў з продкамі. Вянок, утвораны з пучка жыта, са старадаўніх часоў меў свяшчэнны сэнс для ўсіх славянскіх народаў. Да славян адносяцца таксама рускія, украінцы, палякі – прадстаўнікі гэтых народаў складаюць істотную частку насельніцтва нашай краіны. Славяне верылі, што пучок, або сноп хлебных каласоў – лепшы сродак звароту да боскіх сіл з просьбай аб пасланні ці дараванні новага ўраджаю і працвітання. Чалавек, ахвяруючы багам частку свайго ўраджаю, як бы казаў: “Вось плод маёй працы і міласці Прыроды, я буду старанна і нястомна працаваць і заўтра, няхай не пакіне мяне падтрымка вышэйшай сілы!”. Па сёняшні дзень многія жыхары нашых вёсак ставяць у хаце сноп ці пучок каласоў новага ўраджаю як знак працоўнай удачы ў будычым. У мінулыя часы “дажыначны сноп” лічыўся цудадзейным і свяшчэнным і ўпрыгожваў пачэсны кут хаты – адганяў злыя сілы.

      Канюшына – гэта сімвал сувязі са стваральным светам жывёл: канём, каровай, авечкай, для якіх яна – лепшы корм. Старажытныя людзі справядліва лічылі, што чалавек – частка ўсяго свету жывых істот, які здольны захаваць сабе жыццё і забяспечыць працвітанне астатняга жывёльнага свету.

      Лён – гэта бавоўна Поўначы, цудоўны матэрыял для адзення. Здаўна з ільну вырабляліся прыгожыя і трывалыя ткані. Лён – сімвал стваральнай працы, знак дабра і дастатку.

      Ніжэй контура граніцы Рэспублікі Беларусі змешчаны зямны шар з узыходзячым над ім сонцам і залатымі промнямі. Зямны шар – гэта знак таго, што Рэспубліка Беларусь успрымае ўсе народы Зямлі як раўнапраўных сяброў і партнёраў, гатова з імі сябраваць і гандляваць, абменьвацца вырабамі і ведамі. Яднанне Зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця. У старажытнейшых міфах чалавецтва адлюстравана гэта сімволіка. Яе можна сустрэць у помніках старажытных Егіпта, Грэцыі і Кітая.

       З элементаў герба звяртае на сябе ўвагу чырвоная зорка. Пяціканцовая зорка – сімвал чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх памкненняў. У гэтай якасці чырвоная зорка выкарыстроўвалася ў часы існавання вялікай дзяржавы – СССР. Герб абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу чытаем надпіс залацістага колеру – “Рэспубліка Беларусь”.

      Такім чынам, герб нашай краіны раскрывае сябе як яркая і запамінальная кніга пра беларускі народ.
У гербе адлюстраваны асноўныя нацыянальныя, духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, імкненне да ўдасканалення сваёй асобы і ўсяго грамадства, міралюбства і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і незалежнасць.

       Герб Рэспублікі Беларусь сімвалізуе дзяржаўную волю народа і выкарыстоўваецца ўсімі дзяржаўнымі органамі краіны.

                                  Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

       Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, якi выконваецца ў выпадках, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 лiпеня 2004 г. нумар 301-З "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь" і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Словы М. Клімковіча, У. Карызны
Музыка Н. Сакалоўскага

Мы, беларусы – мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі, 
Шчыра сябруем, сілы гартуем 
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.

Слаўся, зямлі нашай светлае імя, 
Слаўся, народаў братэрскі саюз! 
Наша любімая маці-Радзіма, 
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Разам з братамі мужна вякамі 
Мы баранілі родны парог, 
У бітвах за волю, бітвах за долю 
Свой здабывалі сцяг перамог!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя, 
Слаўся, народаў братэрскі саюз! 
Наша любімая маці-Радзіма, 
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Дружба народаў – сіла народаў – 
Наш запаветны, сонечны шлях. 
Горда ж узвіся ў ясныя высі, 
Сцяг пераможны – радасці сцяг!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя, 
Слаўся, народаў братэрскі саюз! 
Наша любімая маці-Радзіма, 
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

        Дзяржаўны Герб і Дзяржаўны Сцяг толькі сумесна з Дзяржаўным Гімнам ствараюць свяшчэнную трыяду нашай дзяржавы.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.